Інтэрв’ю з Tarik Barri
12 May 2015

Інтэрв’ю з Tarik Barri

Аўдыёвізуальны архітэктар

12 May 2015

22 траўня 2015 Tarik Barri і Robert Henke выступяць у Мінску на фестывалі Mental Force, а на наступны дзень Тарык раскажа пра софт, які распрацаваў для стварэння сваіх аўдыёвізуальных праектаў. Напярэдадні фэсту мы пагаварылі з Тарыкам пра яго творчыя метады, інструменты, погляды і сумесныя праекты.

tarik+robert_berlin

Ты вывучаў архітэктуру, псіхалогію, аўдыё-дызайн. Наколькі гэтыя веды важныя для тваёй працы? Ці ёсць нейкая агульная ідэя / імпульс, якія працінаюць тваю працу – нейкая “фундаментальная канстанта”, што прысутнічае ў большасці праектаў?

Я не зусім усведамляю, якія веды выкарыстоўваю ў сваёй працы. Але дакладна ведаю, што яна мае агульныя тэмы. Я вельмі часта выкарыстоўваю архітэктурны, прасторавы падыход да стварэння музычных структураў – у вельмі літаральным сэнсе. Музыка становіцца архітэктурай з-за майго 3D-падыходу да яе стварэння – і наадварот.

У псіхалагічным сэнсе мне цікава, як спалучаюцца розныя тыпы ўспрымання. Мяне захапляе тое, які наш мозг яднае інфармацыю ад розных органаў пачуццяў у агульную перспектыву, калі інфармацыя трапляе ў нашу “свядомасць”.

Мая праца – гэта часткова даследванне гэтай сферы: як пачуцці камбінуюцца ў адно перажыванне? Якія экспірыенсы я магу стварыць праз камбінацыі гукаў і выяваў?

Мае праекты часта вырастаюць з цікаўнасці, амаль навукова-фундаментальнага пытання: а што, калі ўзяць пэўныя правілы і алгарытмы – і перакамбінаваць іх нязвыклым чынам? Напрыклад, што, калі стварыць закон гравітацыі, які будзе працаваць цалкам інакш, ніж у прыродзе? Як суб’ектыўна будуць адчувацца эфекты праз зрок і слых?

Эксперыментуючы ў пошуках адказаў на гэтыя пытанні, я не думаю пра нейкія канкрэтныя рэчы, якія хачу данесці сваёй аўдыторыі. Мая мэта – ўвайсці ў прастору нязведанага, дзе можна сустрэцца з моцнымі перажываннямі і эмоцыямі, якія ня так проста акрэсліць.

Як даўно ты ўжо карыстаешся ўласнымі праграмамі? Наколькі важна для мастака распрацоўваць свае інструменты?

Ужо гадоў сем карыстаюся пераважна сваім софтам. Увогуле, усе праграмы пішуцца, зыходзячы з нейкіх дапушчэнняў, пэўных правілаў, паводле якіх мусіць працаваць карыстальнік. Напрыклад, Resolume заснаваны на пэўных ідэях аб тым, якімі павінны быць візуальныя матэрыялы, як іх трэба апрацоўваць, як яны будуць узаемадзейнічаць з midi-дадзенымі і г.д.. Няважна, наколькі гнуткі софт – ён заўсёды змушае карыстальніка працаваць у межах, якія яму адведзеныя. Я хачу пераглядзець і змяніць гэтыя рамкі. Таму я мусіў “адступіць на крок” і стварыць свае правілы.

Думаю, кожны артыст вынаходзіць уласныя спосабы даследваць сваё поле. Для мяне гэта азначае ствараць свае інструменты, але для іншага артыста гэта можа мець цалкам іншыя формы.

Photo by Lea Fabrikant

Robert Henke & Tarik Barri. (Photo by Lea Fabrikant)

Вы з Робертам працуеце разам ужо некалькі год. Што для цябе найбольш цікавае ў гэтай супрацы, як гэтае ўзаемадзеянне ўзбагачае вас абодвух?

Спачатку сябар пазнаёміў мяне з працай Роберта “Studies for Thunder”. Мне спадабалася гукавое багацце і неабсяжныя ландшафты, якія я ўяўляў, заплюшчыўшы вочы. Потым я ўбачыў, як Роберт выконвае ‘Atlantic Waves’ – гэта мяне вельмі натхніла. Я заўважыў блізкасць нашых спосабаў мыслення пра візуальнасть, гук і выкарыстанне тэхналогій для стварэння ўласных інструментаў. У нашай агульнай працы мы таксама ўсведамляем гэтыя падабенствы і разумеем працэсы адзін аднога. Аднак, часам у нас бываюць розныя меркаванні, што натхняе мяне яшчэ на крок выйсці са сваёй зоны камфорту і стварыць іншыя візуальныя вобразы – не такія, якія б я ствараў, калі б працаваў адзін.

Ці ты маеш нейкія сімпатыі да састарэлых, “вінтажных” тэхналогій і эстэтык – альбо імкнешся максімальна быць “на пярэднім краі”?

Канешне, думаю, усім падабаюцца “старыя добрыя часы”, якімі б яны не былі. Але кожны з тых “старых добрых дзён” калісці быў зусім новым днём. Адзіны спосаб адчуць той жа ўздым, які адчувалі тагачасныя піянеры – гэта быць піянерам сёння. Гэта традыцыя парушэння традыцый. І ўсё ж, любое парушэнне традыцый можа адбывацца толькі ў суадносінах з гэтымі традыцыямі, калі часам ствараецца нешта падобнае, але ў незвычайным ракурсе, а часам – штосці цалкам супрацьлеглае.

Хто твае ўлюбёныя артысты, што працуюць у тваёй сферы? Апроч Робэрта Хэнке, праца з кім найбольш натхняла, ці была выклікам?

Anton Marini (Vade) вельмі натхняе – і зместам сваёй працы,  і тым, што ён ужо столькі год стварае свае інструменты. Rainer Kohlberger таксама робіць выдатныя праекты – гэта цудоўны гіпнатычны візуальны экспірыенс.

Ёсць яшчэ каманда Pipslab, чыё разуменне тэхналогій і пачуццё весялосці былі вялікім натхненнем яшчэ калі я рабіў першыя крокі ў аўдыёвізуальным свеце.

У супольных праектах мяне заўсёды радавала, што партнёры давалі магчымасць зірнуць на выкарыстанне маіх інструментаў па-іншаму. Thom Yorke натхніў даследаваць магчымасці 2D-кампазіцый. Nicolas Jaar дапамог асэнсаваць, што шмат якія з “памылак” у маім відэа – прыгожыя самі па сабе. А Lea Fabrikant, з уласцівай ёй унікальнай музычнасцю,  павярнула мае аўдыёвізуальныя штудыі ў зусім новым накірунку, дадаўшы чалавечнасці і адцягнуўшы ад лічбавай эстэтыкі.

Наколькі разумею, ты не з тых мастакоў, хто зачыняецца ў вежы са слановай косткі “мастацтва дзеля мастацтва” і ігнаруе балючыя штодзённыя пытанні? У якой ступені сучаснае (лічбавае) мастацтва можа спалучаць эстэтычны пошук, тэхналагічныя эксперыменты, самавыяўленне і сацыяльны\палітычны актывізм? Што з гэтага для цябе найбольш цікавае? Ці насамрэч камбінацыі мастацтва і актывізму працуюць?

Ну, часам я выказваю меркаванні аб тым, што адбываецца ў свеце, і людзі могуць пачуць гэтыя меркаванні, бо ведаюць пра маё мастацтва. Але асабіста для мяне гэтыя меркаванні і маё мастацтва не абавязкова звязаныя відавочным чынам.

Увогуле ж, думаю, спалучэнне мастацтва і актывізму цалкам натуральнае і неабходнае. І мастацтва, і актывізм часта накіраваныя на тое, каб змяніць нашае бачанне свету. Магчыма, маё мастацтва таксама з’яўляецца актывізмам у нейкім абстрактным сэнсе, бо імкнецца пашырыць дыяпазон досведу, пазбавіцца ад кансерватызму і даследваць невядомае. Але мяне раздражняе, калі людзі кажуць, што артысты мусяць быць актывістамі, ці наадварот, што яны павінны займацца толькі мастацтвам і маўчаць пра свае палітычныя меркаванні. Відавочна, што ўсе мы занадта розныя, каб рабіць такія агульныя заявы.

Пра што ты хацеў бы распавесці на сустрэчы ў Мінску?

Я пакажу сваю праграму ‘Versum’, якую першапачаткова распрацоўваў як аўдыёвізуальны 3D-секвенсар, каб ствараць музыку, пралятаючы праз мелодыі ў віртуальнай прасторы. Дзеля супрацы з Робэртам Хэнке, я таксама адаптаваў яе так, каб яна магла працаваць і як выключна візуальны інструмент – з любой існуючай музыкай. На лекцыі я растлумачу ідэі і тэхнічныя этапы, праз якія прайшоў у гэтай вандроўцы, і, спадзяюся, гэта натхніць тых, хто прыйдзе, па-іншаму зірнуць на гук, музыку і візуальнасць.

У чым твая асаблівая “mental force”, твая супер-здольнасць?

У мяне няма трэцяй смочкі, але я ведаю, у каго яна ёсць.


Гэтае інтэрв’ю ёсць таксама ў перакладзе: English | По-русски.

Пытанні: Павел Няхаеў
Фота: Florian Wizorek (cover), Павел Няхаеў, Lea Fabrikant.


facebooksplash

Фестываль Mental Force арганізаваны лэйбламі Foundamental Network і Force Carriers пры падтрымцы Goethe-Institut Minsk.

More Posts