Інтэрв’ю для pARTisan
11 Jun 2015

Інтэрв’ю для pARTisan

Альманаха сучаснай беларускай культуры

11 Jun 2015

22 і 23 траўня 2015 у менскай прасторы Studio67 адбыўся першы з серыі фэстаў электроннай музыкі і лайв-відэаперформансаў Mental Force з удзелам сусветна вядомых аўдыявізуальных артыстаў — сола-праекта Monolake Роберта Хэнке (Германія) і Тарыка Бары (Нідэрланды/Германія).

Mental Force. Фота: Goethe-Institut / А. Tarantino Ждановіч

Выступіць разам яны пагадзіліся па просьбе арганізатараў — Віктара Камянецкага, Юліі Кавязінай, Паўла Няхаева і Вольгі Салахеевай, якія прадстаўляюць беларускія лэйблы Foundamental Network і Force Carriers. Адсюль, дарэчы, і назва фестывалю, якая адсылае да назваў двух лэйблаў і дакладна акрэслівае канцэпцыю. Акрамя запрошаных хэдлайнераў, на фэсце таксама гралі музыкі і відэа-артысты з Беларусі — i/dex, Alexei De Bronhe & Artemiy Kalinin, Pavel Ambiont & Solar Olga, ism, Khmarun & TXYZ, Apex Sphere, Poltishiny. На наступны дзень адбылася адукацыйная праграма: лекцыі Роберта Хэнке і Тарыка Бары.

Праект адбыўся пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Менску, а таксама іншых партнёраў, але за ўсю арганізацыю фэсту — канцэпцыя, планаванне, менеджмент, прома — адказвала менавіта група з чатырох чалавек. «Усё мы абмяркоўвалі разам, але ў кожнага ёсць і свая „суперсіла“, — тлумачыць Павел Няхаеў. — Юля — выдатная менеджарка праекту, здольная хутка знаходзіць неабходныя кантакты, тэхніку і планаваць бюджэт, Віктар — выключна прафесійны дызайнер, да таго ж абодва яны займаліся будоўляй сайта, Воля — майстар медыяпланавання і PR, а я пішу ўсялякія канцэпцыі, артыкулы ды перакладаю». Ідэя фестывалю паўстала не раптоўна. У групы ўжо быў досвед арганізацыі рознага фармату культурных івэнтаў — музычных, мастацкіх, адукацыйных, чым яны працягваюць займацца і далей. «Арганізацыя фэсту такога кшталту — гэта планамерная і старанная праца, якую неабходна пачынаць загадзя: складанне бюджэту, медыяпланаванне, напісанне ўсялякіх тэкстаў, інтэрв’юіраванне артыстаў, кантакты са СМІ і партнёрамі, прадумванне дызайну, перамовы з букінг-агенцтвам замежных артыстаў і шмат чаго яшчэ, — каментуе Вольга Салахеева. — І за кожным з гэтых інструментаў стаіць вопыт, які назапашваецца паступова — ад маленькіх і простых падзей да працяглых і складаных. Нашая каманда фармавалася амаль 5 гадоў, у кожнага з нас — розны досвед, і менавіта гэтым мы адзін аднаму і цікавыя».

Tarantino.by-2015-Mental_Force-7197

Tarik Barri and Yuliya Kaviazina

— З чаго паўстала ідэя фестывалю? Адчуваецца, што падзея адбылася значная.

Павал Няхаеў: У 2008 годзе Віктар Камянецкі і Юлія Кавязіна рабілі вечарыны з еўрапейскімі электроншчыкамі «першай велічыні» (Vladislav Delay, Pole, Mikkel Metal), а ў 2009-мнад фэстам In-Touch працавалі разам з яго асноўнымі арганізатарамі, склаўшы выдатную эксперыментальную праграму (Signal, Zavoloka, Mika Vainio). З канца 2010-га мы ўчатырох уключыліся ў працу над фестывалем Live Performers Meeting — Minsk. Яго рабіла італьянская каманда сумесна з намі і Галерэяй «Ў». За 10 месяцаў працы мы атрымалі добрую загартоўку, шмат чаму навучыліся і зразумелі, што разам можам рабіць шмат цікавага. Фэст прайшоў выдатна і сабраў каля 120 артыстаў з амаль 20 краін — віджэяў, відэа-артыстаў, лайв-кодэраў, візуальныя тэатры і перформераў, музыкаў, даследчыкаў ды іншых зацікаўленых у галіне лічбавага мастацтва і тэхналогій.

З той пары мы высветлілі, што проста музыкі мала — неабходна займацца і візуальным і перфарматыўным складнікам, а таксама адукацыяй у гэтай сферы, бо напрацоўкамі лічбавых медыятэхналогій цяпер карыстаецца ўсё сучаснае мастацтва і масавая культура, якая далёка не адразу інтэгруе гэтыя практыкі і прыёмы.

А ў Беларусі, на жаль, часта маладыя артысты — музыкі і VJ/відэа-мастакі — пасля пары гадоў энтузіязму расчароўваюцца і сыходзяць у працу ды паўсядзённасць. Таму проста неабходна пастаянная пульсацыя творчага асяроддзя, у якім яны маглі бвыяўляцца, паказваць свае работы, атрымліваць дадатковыя веды і досвед, натхняцца працай з іншымі — карацей, трэба, каб рух не згасаў. А рух гэты можа скласціся толькі дзякуючы супрацы розных суполак на працягу многіх гадоў.

Чытайце поўны тэкст інтэрв’ю на сайце pARTisan

More Posts